Главная » Статьи » Статьи

Ваўжынец Путткамер-рэфарматар нашага краю, “мужыцкі маршалак”

Ваўжынец Путткамер-рэфарматар нашага краю,

 мужыцкі маршалак”

Жыццеапісанне такіх працаўнікоў з’яўляецца адзінай узнагародай  за іх мінулыя дзеянні

                                                                                                                    Караль Эстрэйхер

 

Адам Міцкевіч, Марыля Верашчака, Ваўжынец Путткамер - у гэтым ліку бедны малады чалавек, палаючы каханнем ; дзяўчына, якая схілялася чуллівым вухам паслухаць рыфмаваныя шэпты каханага і  багаты магнат, які разбівае гэтае рамантычнае каханне аб зямную прозу жыцця. А яшчэ - строгія бацькі дзяўчыны, якія забаранілі Марылі выйсці замуж за паэта і заручылі яе з графам Ваўжынцам Путткамерам. Такая рамантычная гісторыя кахання існуе ў літаратурнай традыцыі 19 і 20 стагоддзяў. Разам з тым, як сцвярджаюць непасрэдныя гледачы гэтай драмы,  сучаснікі Адама і Марылі, з гэтага любоўнага трохкутніка - Марыля вельмі цаніла паэта, яе ўзрушвала  тое, што яна  прабудзіла ў Адама каханне,  аднак жа дабравольна вышла замуж за Ваўжынца Путткамера. Міцкевіч пісаў вершы, аднак не выказваў жалю і зайздрасці. Цаніў мужа Марыі і заставаўся сябрам абоіх. Не мог смяротны вораг згадзіцца на запрашэнне Ваўжынца прыехаць пагасцяваць у радзіннае гняздо Путткамераў - маёнтак Больценікі. Адам прыехаў летам 1822 года і гасцяваў там два тыдні. Разгадку гэтых незвычайных узаемаадносін мы знаходзім у Караля Эстрэйхера, аўтара біяграфіі “ Ваўжынец Путткамер”, выдадзенай у Львове у 1880 годзе і невядомай шырокаму чытачу.

          На думку аўтара біяграфіі, у Марылі быў выбар – пайсці замуж за паэта, які ўзносіцца ў рамантычныя сферы; або за героя-воіна, які ўдзельнічаў у вызваленні радзімы. Яна, акутаная цяплом паэзіі і выпешчаная цудоўнымі песнямі паэта,  выбрала Ваўжынца Путткамера. Міцкевіч згадзіўся, сэрцам разумеючы правамернасць выбара каханай: Марыля выбрала больш дастойнага. Якім жа быў муж Марылі?

 Путткамеры вядуць свой радавод  з  Усходняй Прусіі, магчыма ад крыжакоў. Мелі свае ўладанні ў Жамойціі і ў Віленскім ваяводстве. У сярэдзіне XVIII стагоддзя, недалёка Коўна, у маёнтку Польценікі жыў Ваўжынец Путткамер, каралеўскі кашталян і генерал, які ажаніўся з Каралінай Стрыеўскай.14 жніўня 1794 года ў іх сям’і нарадзіўся сын, якому далі імя Ваўжынец Станіслаў Ян. У дзень нараджэння немаўля сутыкнулася з ваеннымі падзеямі: у Літве згасала паўстанне, якое ўзначальваў Тадэвуш Касцюшка,  і ў краіне гаспадарылі рускія войскі. З’яўленне ў маёнтку казакаў выклікала паніку сярод дамачадцаў; бацька Ваўжынца прасіў афіцэра казакаў не парушаць спакой сям’і ў такі дзень. Афіцэр абяцаў, нават узяў народжанага на рукі і благаславіў яго.

Аднак нядоўга бацькі Ваўжынца цешыліся спакоем, праз 4 гады памерла маці Ваўжынца, Караліна, якой было 23 гады. Бацька  героя нашага расказа, таксама Ваўжынец ( гэта было радавое імя Путткамераў), ад гора па страце жонкі і незалежнасці краіны перастаў удзельнічаць у грамадскім жыцці і гаспадарцы, ў смутку пачаў пісаць жалобныя вершы аб сваёй любай жонцы.

Выхаваннем хлопчыка заняўся яго дзед Ваўжынец і нянька Грындава,якая кіравала домам і замяніла Ваўжынцу маці. Калі Ваўжынцу споўнілася 13 год, ён распачаў вучобу ў Слуцкай пратэстанскай школе ( Путткамеры былі пратэстантамі па веравызнанню).У 1809 годзе памёр яго дзед, а ў 1810 годзе  яго ўнук, Ваўжынец, паступіў на філасофа-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, атрымаўшы  ў 1812 годзе дыплом кандыдата філасофіі. Аднак у чэрвені 1812 года захмурыўся палітычны гарызонт: Напалеон, імператар Францыі, пачаў вайну супраць Расійскай імперыі. Марачы аб свабодзе радзімы, Ваўжынец Путткамер , як і большасць шляхецкай моладзі былой Рэчы Паспалітай, уступіў  ў рады напалеонаўскіх войскаў.З патрыятычна настроенай шляхецкай моладзі быў сфарміраваны  гвардзейскі полк Канопкі, у які ўступіў восемнадцацігадовы Путткамер. Разам з арміяй Напалеона ён дзяліў і трыумф французаў на пажарышчах Масквы і катастрофу пад Беразіной. Вяртаючыся ў Вільню, завітаў у маёнтак Больценікі, падараваны яму бацькам. Тут захварэў на тыф, а выздаравеўшы, убачыў, што край заняты рускімі войскамі. Гонар салдата цягнуў яго  да прадаўжэння барацьбы: патаемнымі сцяжынкамі прабіраецца праз расійскія патрулі, перапраўляецца праз Нёман і далучаецца да рэшткаў разбітай арміі Напалеона.

- “ Вы, моладзь - гаварыў пазней Путткамер, - не разумееце таго, што з намі было. На што мы былі здольныя, калі перад фронтам нашага палка на кані гарцаваў Напалеон і, паказваючы на непрыяцеля, звяртаўся да нас –“ Брацця палякі! За нашу і вашу свабоду!” Паручнік Ваўжынец Путткамер ( атрымаў афіцэрскае званне за мужнасць) удзельнічаў у многіх бітвах напалеонаўскай арміі, у тым ліку і ў “бітве народаў” 1813 года пад Лейпцыгам, дзе закацілася зорка Напалеона. Пад Рэйнам папаў у прускі палон і па амністыі цара Аляксандра і вярнуўся на радзіму, пачаў гаспадарыць у маёнтаку  Больценікі.  У 1817 годзе, у час урачыстасцей, прысвечаных смерці  Тадэвуша Касцюшкі, Ваўжынец Путткамер прачытаў элегію  “На смерць Тадэвуша Касцюшкі”. Даследчыкі лічаць, што гэты верш належыць пяру Адама Міцкевіча, які папрасіў Путткамера прачытаць, паколькі яны былі асабіста знаёмымі, як і ўся шляхта Навагрудчыны. Міцкевіч лічыў Путткамера, старэйшага ад яго на 4 гады, таксама героем, якімі былі для яго Касцюшка, Рэйтан, Красіцкі. Паэт  у далейшым адказаўся ад  аўтарства, паколькі ў элегіі праслаўленне рускага цара  Аляксандр 1-гэта было несумяшчальна з пазнейшымі поглядамі Міцкевіча. Як і рускія дваранскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, Путткамер бачыў істотнае адставанне ў развіцці краю , дабрабыту народа. Ён разумеў,што прычынай цяжкага становішча народа з’яўляецца яго рабскае становішча-прыгоннае права. У той ліберальны час, імператар Расіі Алескандр I дазволіў памешчыкам пераводзіць прыгонных сялян на грашовы аброк, даючы ім асабістую свабоду.Малады Путткамер, прыехаўшы на сейм у Гродна, як дэлегат ад Навагрудскага павета, прапанаваў прыняць прапанову аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак падаўляючая большасць шляхты не падтрымала праект Путткамера.На сейме яго называлі якабінцам  і анархістам. 18 стагоддзе яшчэ пераказвала свае традыцыі шляхецкага самаупраўства над прыгоннымі сялянамі стагоддзю 19.Толькі незначная колькасць шляхецкай моладзі  краю падтрымала яго.

Пражываючы ў Больценіках, Ваўжынец Путткамер часта прыязджаў ў Вільна, падтрымліваў цесныя  кантакты з універсітэтскімі таварыствамі філаматаў і філарэтаў, прысутнічаў на лекцыях прафесароў Галухоўскага і Лелевеля.

Малады ўладальнік Больценік і Бражэльцаў прымаў актыўны удзел у асвеце моладзі: уваходзячы ў праўленне евангеліцка-рэфармацыйнага сіноду Літвы, ўтрымліваў за свой кошт дваццаць вучняў Слуцкай школы, некалікі вучняў ў Кейданах, у Дэрпце і Пецярбургу.У 1829 годзе  распачаў будаўніцтва гімназіі ў Слуцку. Путткамер прапанаваў праект вызвалення сялян, якія належаць да царкоўных уладанняў. Расійскі ўрад падтрымаў гэты праект, перавёўшы сялян у разрад дзяржаўных. Падаўляючая большасць шляхты не хацела перамен, вяла гаспадарку старымі, дзедаўскімі метадамі. Ваўжынец Путткамер, разумеючы патрэбы краю, першы ў нашым краі пачаў закладаць прамысловыя прадпрыемствы. У 1828 годзе адкрыў фабрыку па вытворчасці паперы, далей імкнуўся пабудаваць цукровую фабрыку і прадпрыемства па вытворчасці сукна. Лычыў, што толькі  свабодныя людзі могуць ствараць свой дабрабыт, таму першым у нашым краі вызваліў сялян ад паншчыны, перавёўшы іх на грашовы аброк. Недахоп сродкаў не дазволілі яму развіць і ўтрымаць вытворчасць.Тады Путткамер , дагаварыўшыся з губернскім маршалкам Жабай і шляхціцам Міхаілам Макрыцкім, прадставіў ўраду праект утварэння акцыянернага таварыства па будаўніцтву цукровай фабрыкі. Указ Мікалая 1 ад 15 чэрвеня 1838 года дазволіў на ўтварэнне кампаніі. Больценіцкі гаспадар наведваў існуючыя фабрыкі з мэтай азнаямлення з арганізацыяй вытворчасці. Яго стараннем была створана статыстыка Лідскага павета, інвентарызацыя панскіх маёнткаў. Ваўжынец Путткамер быў на некалькі крокаў наперадзе ад прадстаўнікоў свайго саслоў’я. Нездарма шляхта, пасля абрання Путткамера маршалкам Лідскага павета ў 1847 годзе,  з пагардай называла яго            “маршалкам халопаў, а не шляхты”. Даведаўшыся аб гэтым, Ваўжынец адказваў, што не магла шляхта даць яму лепшае імя. Грамадская і гаспадарчая дзейнасць Путткамера прывяла да заняпаду ўласнай гаспадаркі.У сям’і Вавжынца і Марылі падрастала чацвёра дзяцей: Соф’я, Станіслаў, Караліна і Казіміра.У 1848 годзе ў пісьме да свайго сябры, гісторыка Міхала Баліньскага Путткамер скардзіцца:

“ Больценіцкі стаў размыў пасевы, так што засыпаць гэты стаў прышлося. Патрэбна млын прывесці ў парадак, але не хапае сродкаў. Калі б якая варажэйка дала б на час чарадзейскую палачку - вырашыў бы ўсе пытанні”. Сын Станіслаў пісаў ў  ўспамінах: “ Уласны інтарэс быў у майго бацькі на апошнім месцы. Любячы людзей, сам патрабаваў і шукаў таварыства. Будучы  ў прытомнасці і здароў’і, закончыў жыццё ад прыпадка эпілепсіі 30 студзеня 1850 года.”

Категория: Статьи | Добавил: VAV (08.01.2015)
Просмотров: 425 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar