Главная » Статьи » Статьи

Праект «Больцініцкі сядзібна-паркавы комплекc: шлях з мінулага ў сучаснасць»

Праект «Больцініцкі  сядзібна-паркавы комплекc: шлях з мінулага ў сучаснасць » спрыяе распаўсюджванню ведаў аб помніку архітэктуры канца 19 стагоддзя, яго гістарычным ландшафце, садзейнічае развіццю турысцка-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці.

 

Актуальнасць праекта

Больцініцкі сядзібна-прыродны комплекс - адзін з захаваных комплексаў сядзіб (агульнай плошчай каля 6,8 га) і сапраўдны гістарычны элемент ландшафту - парк і ўрочышча «Гаік» (плошча 2,8 га) Воранаўскага раёна. Помнік архітэктуры і прыроды, якая мае статус раённага гісторыка-культурнага здабытку.

Традыцыйна цікавасць даследчыкаў прыкавана перш за ўсё да буйных палацава-паркавы ансамбляў, гістарычных помнікаў, засяроджаных у межах гарадской забудовы, якія па праву лічацца «візітнай карткай» горада, становяцца аб'ектам паказу для гасцей і турыстаў. Таму за рамкамі даследаванняў аказваецца вялікая колькасць правінцыйных, у тым ліку дробнамаёнткавых сядзібаў. Мы лічым, што менавіта тут, у загарадных дваранскіх сядзібах, найбольш ярка адлюстроўваецца свет чалавека, яго індывідуальнасць, побыт, норавы. Менавіта тут так востра адчуваецца густ даўніны, адчуваецца сувязь часоў. Толькі беражлівыя адносіны да такіх помнікаў архітэктуры, прыроды і культуры, разуменне іх каштоўнасці і ўнікальнасці могуць усяліць у нас надзею на тое, што мы павінны ўсё гэта захаваць.

Гіпотэзы даследавання:

 

• Больцініцкі  сядзібна-прыродны комплекс павінен быць не толькі захаваны, але і адноўлены такім, якім ён быў у к. 19 - пачатку 20 стст.

• Комплекс павінен быць жамчужынай сацыяльна-культурнага развіцця рэгіёну

• Комплекс павінен стаць цэнтрам краязнаўчага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Галоўныя ідэі праекта:

• Веданне сваёй гісторыі, культуры спрыяе пашырэнню далягляду, павышэнню інтэлекту

• Помнікі гісторыі, культуры, прыроды павінны быць не толькі захаваны, але і павінны актыўна ўздзейнічаць на маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення

• Праз гісторыю сядзібна-паркавага комлекса - да гісторыі гістарычных і культурных асоб тых, хто спрыяў іх стварэнню і захаванню.

Галоўная мэта:

 

Фарміраванне ў вучняў разумення значнасці захавання культурнай і прыроднай спадчыны для нашай краіны, далучэнне навучэнскай моладзі да дзейнасці па добраўпарадкаванні і захаванні Больцініцкага сядзібна-прыроднага комплекса.

Задачы:

* Апісаць у храналагічнай паслядоўнасці найбольш значныя старонкі гісторыі стварэння сядзібы

* Сістэматызаваць звесткі па радаводзе Путкамераў

* Стварыць праект па захаванні сядзібы.

Аб'ект даследавання: Больцініцкі  сядзібна-прыродны комплекс.

Прадмет даследавання: гісторыя стварэння і развіцця сядзібы Путкамераў, радавод сям'і Путкамераў, магчымасці захавання сядзібы як помніка гісторыі, культуры, прыроды.

Аперацыяналізацыя паняццяў:

Сядзіба - гэта комплекс жылых, гаспадарчых, паркавых і іншых пабудоў, якія складаюць адзінае архітэктурнае цэлае. Гэта комплексы XVIII-XIX стст. Кожная сядзіба - гэта помнік гісторыі. Сядзібы - гэта не проста загарадныя рэзідэнцыі. Гэта цэлы пласт жыцця, унікальная з'ява ў жыцці. Менавіта сядзібы з'явіліся пажыўным асяроддзем для вялікай культуры ў XVIII-XIX стагоддзях.

Механізм рэалізацыі праекта

 

Праект «Больцініцкі сядзібна-прыродны комплекс: шлях з мінулага ў будучыню» ўключае ў сябе мерапрыемствы па ўсебаковаму і цэласнаму даследаванню сядзібы, далучэнню моладзі да дзейнасці па добраўпарадкаванні і захаванні гісторыка-культурных, прыродных аб'ектаў Беняконскага рэгіёну, развіццё турысцка-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці. Праект разлічаны на 1 год. Яго ажыццяўленне праходзіць у тры этапы. У праекце ўдзельнічаюць навучэнцы 6 - 11 класаў, класныя кіраўнікі, бацькі, СППС. Пры гэтым выпрацоўваецца аспекты дзейнасці ўсіх удзельнікаў праекта.   Навучэнцы     ствараюць      уласныя     прадукты:    прэзентацыі,   фільмы,     настаўнікі выкарыстоўваюць  гэтыя прадукты  на    ўроках,   у   пазакласнай працы,   СППС     займаецца   арганізацыяй добраўпарадкавання гісторыка-культурнага комплексу, бацькі сумесна з навучэнцамі вызначаюць магчымасці даследавання прыроды і гісторыі роднага краю для ўсебаковага развіцця асобы. Ідэі праекта праймаюць адукацыйную і выхаваўчую  прастору школы.

Этапы рэалізацыі праекта

 

Падрыхтоўчы этап (сакавік-чэрвень 2014г.)

 

1. Распрацоўка анкеты «Што я ведаю пра Больцініцкі  сядзібна-прыродны комплекс”

2. Анкетаванне з мэтай вызначэння выхаваўчага  ўздзеяння Больцініцкага сядзібна-прыроднага комплекса ў жыцці школьніка.

3. Вывучэнне адносін  бацькоў да праблемы аднаўлення і захавання сядзібы Путкамераў (апытванне).

4. Знаёмства ўсіх удзельнікаў праекта з вынікамі анкетавання.

Асноўны этап (ліпень 2014г. – студзень 2015 г.)

 

1. Стварэнне інфармацыйнага стэнда «Больцініцкі сядзібна-прыродны комплекс»

2. Праца кансультатыўнага пункта па пытаннях «Сядзіба Путкамераў: шлях з мінулага ў будучыню».

3. Стварэнне групы «Юны экскурсавод» з мэтай правядзення экскурсій:

                                   5 - 6 кл. - Гісторыя сядзібы Путкамераў

                                   7 - 8 кл. - Больцінікі: учора і сёння

                                   9 - 11 кл. – Зорка Адама і Марылі

4. Правядзенне конкурсу малюнкаў «Сядзіба Путкамераў - помнік гісторыі і культуры Беняконскага   рэгіёна».

5. Правядзенне конкурсу праектаў па захаванні Больцініцкага сядзібна-прыроднага комплекса.

6. Стварэнне прэзентацый аб гістарычных асобах, якія наведвалі  Больцініцкую  сядзібу.

7. Складанне радаводу  ўладальнікаў сядзібы ў Больцінікі.

8. Правядзенне суботнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі парка, гаіка – кожную вясну і восень.

 

 Заключны этап (люты - сакавік 2015 года.)

 

1. Круглы стол «Больцініцкі сядзібна-прыродны комплекс: шлях з мінулага ў будучыню».

2. Выступленне  з праектам на конкурсе «Галаcы гісторыі».

3. Конкурс мультымедыйных праектаў у класных калектывах 8 - 10 класаў "Больцініцкі сядзібна-прыродны комплекс: шлях з мінулага ў будучыню».

4. Правядзенне вучэбнай канферэнцыі на тэму "Гістарычныя сядзібы: шлях з мінулага ў будучыню».

Крытэрыі эфектыўнасці:

• Запатрабаванасць праекта навучэнцамі, настаўнікамі;

• Прыцягненне ўвагі педагогаў, бацькоў, саміх навучэнцаў да праблем даследавання і захавання найбольш значных старонак гісторыі сядзібна-паркавых ансамбляў, старадаўніх паркаў.

Ацэнка эфектыўнасці дзейнасці, якая праводзіцца па праекце

Па выніках рэалізацыі праекта будзе праведзена аналітычная праца сярод усіх удзельнікаў праекта з мэтай вывучэння вынікаў працы, якія будуць даведзены да ведама ўдзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Заключэнне

Стварэнне гэтага праекта з'яўляецца сродкам асветы вучняў, бацькоў, настаўнікаў, так як сапраўды жыць - гэта значыць жыць, валодаючы  правільнай інфармацыяй. Замежны вопыт захавання і выкарыстання маёнткаў і фермаў, тыпалагічна блізкіх беларускім маёнткам, дэманструе распрацаваную і выразна функцыянальную  сістэму прыватнага валодання. Як правіла, дзяржава прадстаўляе льготныя праграмы на набыццё і рэстаўрацыю прыватных сядзіб. Мы  думаем, комплексы актыўна ўключаны ў жыццё мясцовага грамадства, і таму магчымасць выкарыстання з'яўляецца ў любой сядзібы, незалежна ад памеру і ступені яе захаванасці. Мы мяркуем,  што і наш коплекс будзе мець другое жыццё, што тут адбудзецца рэканструкцыя самаго будынка, парка. Мы марым, што тут будзе зроблена гатэль (дом адпачынку) або дом палякаў Воранаўскага раёна,  зала гасцінна раскрые свае дзверы,  у былым пакоі для баляў можа размясціцца карцінная галерэя. У доме можна размясціць невялікі музей быту магнатаў 19 веку. Месца хопіць і для правядзення розных конкурсаў аматараў беларускай і польскай літаратуры. На возеры - “моры Марылі” – можна было арганізаваць летам лодачную станцыю, дзе прыезджыя людзі маглі  пакатацца на лодцы. А яшчэ можна было  арганізаваць паездкі вакол возера ў гаік і назад на сапраўдных шарабанах 19 стагоддзя. Вось, калі штосьці  будзе зроблена, дык Больцініцкі сядзібна-паркавы комплекс будзе мець шлях у будучае.

 

Дадатак

1. Больцініцкі сядзібна-паркавы комплекс: шлях з мінулага ў сучаснасць

       1. Гісторыя сядзібы

       2. Парк

       3. Гаік     

       4. Легенда пра каханне

      5. Путкамеры

       6. Праект па захаванні Больцініцкага сядзібна-паркавага комплекса

Гісторыя сядзібы

 

Стары сядзібны дом Путкамераў  у Больцініках быў пабудаваны прыкладна ў апошняй чвэрці 18 ст. у формах, пераходных ад барока да класіцызму. Будынак вядома па малюнку Н. Орды. Ён  быў невялікім, каменным. Меў высокі  чатырохсхільны дах з гонты, мансарду з балконам, які падтрымліваўся дзвюма парамі калон. Дом вонкава быў сціплым, тыповым для сваёй эпохі, у сярэдзіне меў выгляд, адпаведны графскаму тытулу.  У доме меліся прыгожыя кафляныя печы і каміны, столі ўпрыгожваў  маляўнічы роспіс на біблейскія тэмы. Адным  з іх была сцэна з Апалонам. Пасля 1821 Ваўжынцам Путкамерам дом абнаўляецца і абстаўляецца новай мэбляй у стылі ампір.

Перад домам размяшчаўся традыцыйны газон, а з правага боку па краі газона стаяла невялікая драўляная афіцына. Па восі будынка ішла ліпавая алея. За домам на злёгку ўзгорыстым  паніжэнні размяшчаўся пейзажны парк, за якім, агінаючы сядзібу з паўночна-ўсходняй і ўсходняй бакоў, працякала невялікая р. Гражулка (Бражулка), якая ўпадае ў Сальчу.

У 1890 г. старое сямейнае гняздо разабраў ўнук Ваўжынец і пачаў будаваць новы дом у стылі англійскай псеўдаготыкі з чырвонай цэглы па праекце  вядомага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Афармленне інтэр'ераў  вёў сам ўладальнік. Будаўнічыя працы праводзілі віленскія рамеснікі. Яны выраблялі мэблю. Канапы і крэслы, дэкараваныя пазалотай, выканаў віленскі сталяр ў стылі Людовіка XV па ўзорах, прадстаўленым О.Слізнем, які валодаў добрым густам і вялікімі калекцыямі ў Вільні. Будынак вылучаецца ўскладненай асіметрычна-аб'ёмнай прасторавай кампазіцыяй. Яго два бакавыя аб'ёмы (аднапавярховы і двухпавярховы) аб'яднаны папярочным аднапавярховым корпусам з арачна-калоннай галерэяй на парадным фасадзе. Рызаліты аб'ёмаў сканчаюцца вострымі трохкутнымі франтонамі, якія разам са складаным спалучэннем вострых дахаў надаюць яму незвычайны выгляд. Стральчатыя і лучковыя вокны  прадстаўлены ў розных камбінацыях. Яны апраўленыя маляўнічымі налічнікамі ў выглядзе асаблівай цаглянай выкладкі. З тыльнага кутняга  боку выяўлены паўцыркульныя праёмы (цяпер закладзены) былога зімовага саду.

Найбольш рэпрэзентатыўнымі памяшканнямі былі пярэдні пакой, салон (парадная зала), кабінет і сталовая. Салон меў афармленне ў духу ракако, сталовая - рэнесансу. Мэбля кабінета, вялікія бібліятэчныя шафы, пісьмовы стол, канапы і крэслы з чырвонага дрэва з накладнымі бронзавымі ўпрыгожваннямі, адпавядала стылю Jacob. Столь у сталовай быў выкладзены дубовымі дошкамі, з дуба былі выраблены таксама дзверы. На сценах віселі фамільныя партрэты. У пакоях меліся кафляныя печы (3 захаваліся), каміны, бібліятэка. Кнігі збіралі Ваўжынец і Марыля. Яны мелі ўсе выданні А. Міцкевіча, якія паступалі ў Вільня. У доме захоўвалася карэспандэнцыя Марылі, у асноўным да мужа, калі ён па розных справах надоўга ад'язджаў у Вільня і ў Слуцк па справах будаўніцтва.

Парк

З будаўніцтвам новага дома стары парк быў пашыраны і некалькі перапланаваны віленскім садоўнікам Паўловічам ў духу пейзажных натуралістычных паркаў. З двух яго бакоў уздоўж агароджы (захаваліся фрагменты ў асноўным з каменю) былі закладзеныя ліпавыя алеі. Алеі нешырокія (шырыня 6 м, у шэрагу дрэвы пасаджаныя праз 5 м), добра захаваліся. Ліпы самкнуліся кронамі, утвараючы зялёны збор. У алеі, размешчанай паміж паркам і садам, разам з ліпай сэрцападобна растуць адзінкавыя ліпы крымскія, якія вылучаюцца цёмна-зялёнай бліскучай лістотай і больш познім красаваннем.

У аснову планіровачнага рашэння новага парку пакладзены прынцып спалучэння невялікіх драўняных масіваў, груп і палян. У групы ў якасці акцэнтаў былі ўведзеныя рэдкія іншаземныя віды, культывары, якія вылучаюцца формай і афарбоўкай лісця (асабліва восенню), габітусом. Групы не перакрывалі адзін аднаго і добра праглядаліся з прагулачнага  маршруту, які праходзіў па ліпавых алеях. Час змяніў склад груп, часткова зараслі паляны парку, але ў цэлым ён добра захаваўся. Дрэвы дасягнулі ўзросту спеласці і высокай дэкаратыўнасці. У парку ў 1969 г. мелася 60 найменняў драўняных раслін. Тут растуць буйныя дрэвы ліпы звычайнай або галандскай, якія засталіся ад старога парку, розныя віды клёну (явар, серабрысты, чырвоны), ліпа буйналістная, конскі каштан, арэх шэры. Мелася ў парку шмат хвойных відаў. Яны раслі ў выглядзе груп або саліцёраў, ажыўляючы зелянінай насаджэнні ў  восеньска - зімовы час. Мелася ў парку шмат кветкавых раслін: півонаў, нарцысаў і лілеяў. Асаблівым паркавым дрэвам з'яўлялася старая белая акацыя, вырашчаная Марыляй з насення, якое было даслана Антоніем Адынцом з Рыма. Дрэва не стала. Захавалася некалькі параслевых асобнікаў каля дома.  З  паўднёвай ліпавай алеі адкрываецца перспектыва на пойму ручая і зарэчныя далі. На раўчуку жылі бабры. У гады будаўніцтва новай сядзібы быў уладкаваны вялікі вадаём, названы «морам Марылі».

Гаік

Месцам сустрэч і, мабыць, апошняга развітання Марылі з паэтам быў невялікі драўняны масіў - гаік, названы пазней сябрамі «Гайком Марылі». Са слоў Марылі, гаік складаўся з хвойных   парод, у асноўным  з ёлак. Ен быў панурым і змрочным нават летам. Пад палогам  панурых алей амаль не пранікала святло. Тут яны перажылі хвіліны ўзаемнага шчасця, і, акрамя таго, гаік стаў для Марылі «вялікім урокам». Пазней Марыля ўклала ў «Гаік» рамантычны матыў, ператварыўшы яго ў сваю «Святыню дум». Сама ачысціла, карыстаючыся сякерай і рыдлёўкай, паклала плоскі валун у выглядзе надмагільнай пліты і, як успамінае  А. Адынец, выбіла крыж. Памятны валун захаваўся, урос глыбока ў зямлю. Яго атачаюць ужо не ёлкі, а лісцяныя дрэвы. Адна з бярозак была пасаджана А.Міцкевічам як сімвал кахання да Марылі, да радзімы. Зрэшты, мясцовы паэт М.Валасевіч сцвярджае, што крыж на камені высек А.Міцкевіч, калі чакаў сваю каханую, а яна не прыйшла. Жыхары навакольных вёсак, таксама,  маюць сваю версію з'яўлення крыжа на камені і сцвярджаюць, што зрабіць маглі пастухі, якія пасвілі статак і не раз адпачывалі ля вогнішча каля каменя.

Легенда аб каханні

Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака пазнаёміліся  ў 1818 годзе, калі ён разам  з сябрам Тамашам Занам прыехаў у Тугановічы. Гаспадароў госці дома не засталі - знайшлі на жніве. Там жа і пазнаёміўся Адам з Марыляю. Каханне ўспыхнула адразу. Першае і апошняе. Шчаслівыя хвіліны і гады пакут. Каханне, якое прынесла з сабою смутак і журбу. І адзіноту на ўсё жыццё, нягледзечы, што пазней былі ў Адама і жанчыны, была і свая сям'я, і дзеці… Даволі хутка яны знайшлі агульную тэму для размовы - рамантычная літаратура таго часу. Непаўторная прыгажосць Марыі (Марылі, як яе называў Міцкевіч) засланіла ў вачах маладога паэта хараство прыроды. Паэту імпанавала і тое, што Марыля была адукаванай жанчынай. Яна добра ведала французскую, нямецкую і італьянскую мовы, сучасную літаратуру, сама пісала вершы, іграла на фартэпіяна і спрабавала ствараць п'есы, прыгожа спявала, асабліва беларускія песні. Любіла вышываць, прымаць гасцей, ездзіць на балі ў суседнія маёнткі. "Лёгкасць яе зграбнай постаці, - успамінаў сябра Міцкевіча - яшчэ адзін наш славуты зямляк Ігнацій Дамейка, - падкрэслівалі свабоднае летняе адзенне і шалі. Твар яе быў спакойны, сімпатычны і вельмі выразны, валасы светлыя, у вялікіх блакітных вачах адлюстроўвалася глыбіня пачуццяў і жывасць уяўленняў". Паездкі Адама ў Тугановічы паўтараліся кожнае лета. Маладыя людзі сустракаліся, гаварылі, хадзілі ў Тугановіцкі парк, блукалі каля возера Свіцязь, натхнёна апетага потым Міцкевічам у многіх вершах, баладах, паэмах. Там яны сустрэлі старога рыбака, які расказаў аб тым, што на дне возера ёсць затоплены горад, што на берагах Свіцязі ўначы з'яўляюцца вадзяныя німфы - свіцязянкі… Спачатку маці Марылі не прыдавала сур'ёзнага значэння сяброўству маладых людзей, бо была ўпэўнена, што Адам для яе дачкі не пара: па-першае,  Верашчакі жылі заможна, бацька Марылі быў калісьці нават маршалкам Навагрудскай шляхты, а па-другое, Марыля была ўжо заручана з графам Путкамерам, маладым сімпатычным і багатым уладальнікам некалькіх маёнткаў у Лідскім павеце. У жніўні 1921 года Адам апошні раз прыехаў у Навагрудак. "Ніхто мяне не сустрэў, не пачуў я былога "Адам, Адам!". І такая туга ахапіла мяне, што я доўга не мог апамятацца…". Было шмат прычын для такой роспачы. У мінулым годзе памерла маці паэта, а пяць месяцаў таму яго каханая Марыля выйшла замуж за графа Путкамера. Гэта растанне было найцяжэйшым для абодвух.

Прымаючы бацькоўскае благаслаўленне, нявеста залілася слязамі… Знаёмыя асуджалі Марылю за здраду каханню. Аднак у Адама з сям'ёй Путкамераў склаліся дружалюбныя адносіны. Міцкевіч нават падарыў свой першы зборнік мужу Марылі. А граф спакойна глядзеў на заляцанні рамантыка Міцкевіча да сваёй жонкі. Як яму здавалася, ён добра разумеў сентыментальныя дзівацтвы Марылі і не надаваў ім асаблівай увагі, бо лічыў, што Марыля добра выхавана, каб зрабіць што-небудзь неспадзяванае. Міцкевіч, як і яго папярэднікі-паэты, маліўся на сваю каханую, укленчваў перад сваёй багіняю. А іншыя здзіўляліся: што ён знайшоў у ёй, чаму пакланяецца? Навошта пакутуе? Віленскія студэнты, сябры паэта, гаварылі пра Марылю: "Жанчына як жанчына". А сын Міцкевіча Уладзіслаў, які пазнаёміўся з Марыяй Путкамер у Вільні праз шэсць год пасля смерці бацькі, скажа вельмі ўпэўнена: "Напэўна, яна ніколі не была прыгожаю". А Міцкевіч бачыў гэтую прыгажосць. І жыў ёю. І пакутаваў ёю. І, напэўна, калі б не гэтае каханне, магчыма, і не было б паэта Адама Міцкевіча.

Путкамеры

Путкамеры вядуць свой радавод  з  Усходняй Прусіі, магчыма ад крыжакоў. Мелі свае ўладанні ў Жамойціі і ў Віленскім ваяводстве. Дзед Ваўжынец Путкамер быў генералам польскага войска. Аляксандр Путкамер займаў пасаду штамбеляна двара Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён   ажаніўся з Каралінай Стрыеўскай. 14 жніўня 1794 года ў іх сям’і нарадзіўся сын, якому далі імя Ваўжынец Станіслаў Ян. У дзень нараджэння немаўля сутыкнулася з ваеннымі падзеямі: у Літве згасала паўстанне, якое ўзначальваў Тадэвуш Касцюшка,  і ў краіне гаспадарылі рускія войскі. З’яўленне ў маёнтку казакаў выклікала паніку сярод дамачадцаў; бацька Ваўжынца прасіў афіцэра казакаў не парушаць спакой сям’і ў такі дзень. Афіцэр абяцаў, нават узяў народжанага на рукі і благаславіў яго.

Аднак нядоўга бацькі Ваўжынца цешыліся спакоем, праз 4 гады памерла маці Ваўжынца, Караліна, якой было 23 гады. Бацька  героя нашага аповяда, таксама Ваўжынец ( гэта было радавое імя Путкамераў), ад гора па страце жонкі і незалежнасці краіны перастаў удзельнічаць у грамадскім жыцці і гаспадарцы, ў смутку пачаў пісаць жалобныя вершы пра сваю  любую  жонку.

 

Радавод  Путкамераў

Выхаваннем хлопчыка заняўся яго дзед Ваўжынец і нянька Грындава, якая кіравала домам і замяніла Ваўжынцу маці. Калі Ваўжынцу споўнілася 13 год, ён распачаў вучобу ў Слуцкай пратэстанскай школе ( Путкамеры былі пратэстантамі па веравызнанню). У 1809 годзе памёр яго дзед, а ў 1810 годзе  яго ўнук, Ваўжынец, паступіў на філасофа-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, атрымаўшы  ў 1812 годзе дыплом кандыдата філасофіі. Аднак у чэрвені 1812 года захмурыўся палітычны гарызонт: Напалеон, імператар Францыі, пачаў вайну супраць Расійскай імперыі. Марачы аб свабодзе радзімы Ваўжынец Путкамер , як і большасць шляхецкай моладзі былой Рэчы Паспалітай, уступіў  у рады напалеонаўскіх войскаў. З патрыятычна настроенай шляхецкай моладзі быў сфарміраваны  гвардзейскі полк Канопкі, у які ўступіў восемнадцацігадовы Путкамер. Разам з арміяй Напалеона  ён дзяліў і трыумф французаў на пажарышчах Масквы і катастрофу пад Бярэзінай. Вяртаючыся ў Вільню, завітаў у маёнтак Больценікі, падараваны яму бацькам. Тут захварэў на тыф, а выздаравеўшы, убачыў, што край заняты рускімі войскамі. Гонар салдата цягнуў яго  да працягнення барацьбы: патаемнымі сцяжынкамі прабіраецца праз расійскія патрулі, перапраўляецца праз Нёман і далучаецца да рэшткаў разбітай арміі Напалеона.

Паручнік Ваўжынец Путкамер ( атрымаў афіцэрскае званне за мужнасць) удзельнічаў у многіх бітвах напалеонаўскай арміі, у тым ліку і ў “бітве народаў” 1813 года пад Лейпцыгам, дзе закацілася зорка Напалеона. Пад Рэйнам папаў у прускі палон і па амністыі цара Аляксандра і вярнуўся на радзіму, пачаў гаспадарыць у маёнтаку  Больценікі.  У 1817 годзе, у час урачыстасцей, прысвечаных смерці  Тадэвуша Касцюшкі, Ваўжынец Путкамер прачытаў элегію  “На смерць Тадэвуша Касцюшкі”. Даследчыкі лічаць, што гэты верш належыць пяру Адама Міцкевіча, які папрасіў Путкамера прачытаць, паколькі яны былі асабіста знаёмымі, як і ўся шляхта Навагрудчыны. Міцкевіч лічыў Путкамера, старэйшага ад яго на 4 гады, таксама героем, якімі былі для яго Касцюшка, Рэйтан, Красіцкі. Паэт  у далейшым адказаўся ад  аўтарства, паколькі ў элегіі праслаўленне рускага цара  Аляксандр 1-гэта было несумяшчальна з пазнейшымі поглядамі Міцкевіча. Як і рускія дваранскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, Путкамер бачыў істотнае адставанне ў развіцці краю , дабрабыту народа. Ён разумеў, што прычынай цяжкага становішча народа з’яўляецца яго рабскае становішча - прыгоннае права. У той ліберальны час, імператар Расіі Алескандр I дазволіў памешчыкам пераводзіць прыгонных сялян на грашовы аброк, даючы ім асабістую свабоду. Малады Путкамер, прыехаўшы на сейм у Гродна, як дэлегат ад Навагрудскага павета, прапанаваў прыняць прапанову аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак падаўляючая большасць шляхты не падтрымала праект Путкамера. На сейме яго называлі якабінцам  і анархістам. 18 стагоддзе яшчэ пераказвала свае традыцыі шляхецкага самаўпраўства над прыгоннымі сялянамі стагоддзю 19. Толькі незначная колькасць шляхецкай моладзі  краю падтрымала яго.

Пражываючы ў Больцініках, Ваўжынец Путкамер часта прыязджаў ў Вільню, падтрымліваў цесныя  кантакты з універсітэтцкімі таварыствамі філаматаў і філарэтаў, прысутнічаў на лекцыях прафесароў Галухоўскага і Лялевеля. Малады ўладальнік Больцінік і Бражэльцаў прымаў актыўны ўдзел у асвеце моладзі: уваходзячы ў праўленне евангелісцка-рэфармацыйнага сіноду Літвы, ўтрымліваў за свой кошт дваццаць вучняў Слуцкай школы, некалькі вучняў ў Кейданах, у Дэрпце і Пецярбургу. У 1829 годзе  распачаў будаўніцтва гімназіі ў Слуцку. Путкамер прапанаваў праект вызвалення сялян, якія належаць да царкоўных уладанняў. Расійскі ўрад падтрымаў гэты праект, перавёўшы сялян у разрад дзяржаўных. Падаўляючая большасць шляхты не хацела перамен, вяла гаспадарку старымі, дзедаўскімі метадамі. Ваўжынец Путкамер, разумеючы патрэбы краю, першы ў нашым краі пачаў закладаць прамысловыя прадпрыемствы. У 1828 годзе адкрыў фабрыку па вытворчасці паперы, далей імкнуўся пабудаваць цукровую фабрыку і прадпрыемства па вытворчасці сукна. Лічыў, што толькі  свабодныя людзі могуць ствараць свой дабрабыт, таму першым у нашым краі вызваліў сялян ад паншчыны, перавёўшы іх на грашовы аброк. Недахоп сродкаў не дазволілі яму развіць і ўтрымаць вытворчасць.Тады Путкамер , дамовіўшыся  з губернскім маршалкам Жабам  і шляхціцам Міхаілам Макрыцкім, прадставіў ураду праект утварэння акцыянернага таварыства па будаўніцтву цукровай фабрыкі. Указ Мікалая 1 ад 15 чэрвеня 1838 года дазволіў стварэнне кампаніі. Больцініцкі гаспадар наведваў існуючыя фабрыкі з мэтай азнаямлення з арганізацыяй вытворчасці. Яго стараннем была створана статыстыка Лідскага павета, інвентарызацыя панскіх маёнткаў. Ваўжынец Путкамер быў на некалькі крокаў наперадзе ад прадстаўнікоў свайго саслоў’я. Нездарма шляхта, пасля абрання Путкамера маршалкам Лідскага павета ў 1847 годзе,  з пагардай называла яго            “маршалкам халопаў, а не шляхты”. Даведаўшыся аб гэтым, Ваўжынец адказваў, што не магла шляхта даць яму лепшае імя. Грамадская і гаспадарчая дзейнасць Путкамера прывяла да заняпаду ўласнай гаспадаркі.У сям’і Ваўжынца і Марылі падрастала чацвёра дзяцей: Сафія, Станіслаў, Караліна і Казіміра.У 1848 годзе ў пісьме да

 

гісторыка Міхала Баліньскага, Путкамер скардзіцца: “ Больцініцкі стаў размыў пасевы, так што засыпаць гэты стаў прышлося. Патрэбна млын прывесці ў парадак, але не хапае сродкаў. Калі б якая варажэйка дала б на час чарадзейскую палачку - вырашыў бы ўсе пытанні”. Сын Станіслаў пісаў ва  ўспамінах: “ Уласны інтарэс быў у майго бацькі на апошнім месцы. Любячы людзей, сам патрабаваў і шукаў таварыства. Будучы  ў прытомнасці і здароў’і, закончыў жыццё ад прыпадка эпілепсіі 30 студзеня 1850 года. Сяляне аплаквалі добрага пана. Мырыля цяжка перанесла страту чалавека, якога заўсёды цаніла і паважала, але  незаслужана позна адказала ўзаемнасцю. Яна засталася адна. Да канца жыцця насіла чорнае адзенне. Ваўжынца пахавалі ў Вільні. Марыля памерла у ноч з 27 на 28 снежня.  Графіня Путкамер пахавана каля касцёла Яна Хрысціцеля. На помніку надпіс ”Вечны пакой дай ей пане”. Каля яе пахавана дачка Караліна (памерла ў 1923г. ва ўзросце 83 гадоў і жонка сына Феліцыя з Кеневічаў графіня Путкамерава (памерла ў 1899г ва ўзросце 68 год).

 

Праект па захаванні Больцініцкага сядзібна-паркавага комплекса

 

*Першы блок – інфармацыйны. На сайце школы  створана старонка  “Сядзібна-паркавы комплекс Больцінікі”   - www.benschoolcountru.grodno. unibel.bu/index_1.html. Гэты блок  складаецца з  раздзелаў, якія дапамагаюць   сістэматызаваць матэрыял.

У раздзеле - асобы - матэрыял пра мясцовага пісьменніка М.Валасевіча,  творчасць якога прысвечана каханню Адама і Марылі. У другім  раздзеле - гісторыя сядзібы  -  змешчаны  матэрыял аб цікавых падзеях, звязаных з домам і паркам. Напрыклад,  мы  ведаем, што некаторыя сцэны з фільма “Абеліск” здымаліся ў Больцініцкім  парку.

У раздзеле – “У памяць Адама і Марылі”  -  размешчаны відэафільм “Страчаны рай”, матэрыялы аб наведванні  Міцкевічам  Больцініцкай сядзібы, фотавідэатэка

*Другі блок -  музейна - экспазіцыйны.  1.Неабходна вярнуць дому былы выгляд. Для гэтага трэба  разабраць прыбудову, якую пабудавалі ў 70-я гады. 2. Трэба ўбраць трубу, якая змяняе воблік дома з поўначы. Памяшканне можна абаграваць іншым чынам. У доме захаваліся печы і каміны, якія таксама можна рэстаўрыраваць. 3. У к. 19 стагоддзя ў левым крыле дома быў размешчаны зімовы сад. Цяпер вокны яго заложаны цэглай. Неабходна,  каб дом набыў свой даўнейшы выгляд. 4. У сядзібе прапануем арганізаваць музей, прысвечаны быту шляхты ў 19 стагоддзі, у былой бібліятэцы сабраць выданні твораў  А.Міцкевіча, размясціць экспазіцыі, прысвечаныя творчасці паэта. У  памяшканні для прыёмаў можна   праводзіць конкурсы дэкламатараў вершаў, арганізоўваць выставы. Дарэчы, яны ўжо не раз праводзіліся ў гэтым памяшканні.

*Трэці блок  - блок пражывання. Частка дома  паслужыць месцам для невялікай гасцініцы сямейнага тыпу. Для адпачынку маецца возера, на якім можна пакатацца на лодцы або катамаране. Раней у маёнку была выдатная канюшня, якая давала магчымасць пакатацца на кані па ваколіцы, праехацца на шарабане да гаіка   або ў Беняконскі касцёл. Неабходна падвесці лепшыя пад’яздныя дарогі.

*Чацвёрты блок – паркавы комплекс. За домам прыгожы  парк, рачулка, возера, якое называюць “морам Марылі”. Парк  займае плошчу амаль у 3 га.  Прапануем   вярнуць той парк, які захаваўся  з часоў Марылі, дзе былі прыгожыя лужайкі са шматлікімі кветкамі, групамі дрэў, альтанкамі, а таксама паставіць прыгожыя лаўкі.

Хацелася, каб на наш заклік адгукнуліся спонсары, аказалі фінансавую дапамогу ў рэканструкцыі сядзібы. Магчыма, многія праблемы рэканструкцыі вырашацца, калі сядзібна-паркавы комплекс “Больцінікі ” набудзе статус помніка гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

 

Літаратура

  1. Памятники природы Белоруссии / Под ред. В.М.Белькова. -  Минск: 1986.- 176 с.
  2. Збор помнікаў  гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / Пад рэд. С.В.Марцэлава. – Мінск, 1986.- 270 с. 
  3. Татаринов, Ю. От Гродно и  Каменца до Мстистлавля. Белорусская старина / Ю.Татаринов. – Минск, 1997. - 150 с.
  4. Памяць. Воранаўскі раён / Пад рэд. Г.П.Пашкова. - Мінск: БелЭн, 2004. – 592 с.
  5. Грышко, Р. Ваўжынец Путкамер-рэфарматар нашага краю, “ мужыцкі маршалак” / Р. Грышко. -  Воранаўская газета, 2012. - №18.
Категория: Статьи | Добавил: VAV (08.01.2015)
Просмотров: 647 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar